ТУРКЕСТА́НСКАЯ АЎТАНО́МНАЯ САВЕ́ЦКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,
(ТАССР) у складзе РСФСР, савецкае дзярж. ўтварэнне ў Сярэдняй Азіі ў 1918—24. Пл. 1705,4 тыс. км², нас. каля 5,3 млн. чал. (1922). Сталіца г. Ташкент. Абвешчана 30.4.1918 на тэр. б. Туркестанскага краю 5-м Усетуркестанскім з’ездам Саветаў, які выбраў ЦВК і СНК рэспублікі. У кастр. 1918 6-ы Надзвычайны з’езд Саветаў прыняў Канстытуцыю ТАССР. У час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22 белагвардзейцы, інтэрвенты і басмачы занялі большую ч. тэр. ТАССР і адрэзалі яе (да вер. 1919) ад Цэнтр. Расіі, але не здолелі захапіць асн. цэнтры — Ташкент, Самарканд і Хаджэнт. У вер. 1920 9-ы з’езд Саветаў прыняў новую Канстытуцыю ТАССР. У 1921—22 праведзена зямельна-водная рэформа ў інтарэсах сял. беднаты.
27.10.1924 ТАССР скасавана, яе тэр. ў 1924—36 у выніку нацыянальна-дзяржаўнага размежавання савецкіх рэспублік Сярэдняй Азіі ўвайшла ў склад Узбекістана, Туркменістана, Таджыкістана і Кыргызстана (Кіргізіі).
т. 16, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)